Створаны ў в. Лясная Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. ў гонар 200-годдзя перамогі рас. войск над шведскім корпусам ген. А.Левенгаўпта ў бітве пад Лясной 1708 у час Паўночнай вайны 1700—21. Уключае манумент у гонар перамогі рус. войск (1906, скульпт. А.Обер), мемар. капліцу (1912, арх. А.Гаген) і мармуровы абеліск на брацкіх могілках рас. воінаў. Кампазіцыйны цэнтр — цагляная капліца цэнтрычнай шмат’яруснай кампазіцыі з рысамі рамант. кірунку рус. мадэрна. Завершана 8-гранным шатром з невял. барабанам і цыбулепадобнай галоўкай (агульная выш. 40,9 м). Квадратнае ў плане (15 × 15 м) збудаванне. 1-ы ярус пастаўлены на п’едэстал (выш. 2,1 м) з вял. гранітных блокаў, мае 3-арачныя парталы з белага каменю і завершаны поясам несапраўдных машыкуляў, 2-і ярус — кубічны аб’ём, прарэзаны з 4 бакоў высокімі арачнымі аконнымі праёмамі і завершаны зубцамі ў выглядзе ластаўчынага хваста. Сцены абліцаваны залацістай керамічнай пліткай, уваходы, перамычкі, паяскі і карнізы аздоблены пераважна белым пясчанікам. Капліцу ўпрыгожваюць мазаічныя пано-абразы на гал. фасадзе (на выш. больш за 10 м) і ў нішы паміж вокнамі 1-га яруса ўсх. фасада (на выш. 3 м). Будынак з’яўляецца прыкладам арган. сінтэзу архітэктуры і мастацтва. У капліцы размешчаны музей гісторыі бітвы пад Лясной. Манумент — дынамічная скульпт. кампазіцыя на пастаменце ў выглядзе скалы (граніт), на яе вяршыні павернутая на У выява арла (бронза), які рве кіпцюрамі шведскі сцяг з разламаным дрэўкам. На пастаменце дошка з рэльефным надпісам: «У памяць бітвы пры Лясной. Маці Палтаўскай перамогі — 1708. 28 верасня 1908 г.». На процілеглым баку бронзавая дошка са спісам палкоў — удзельнікаў гіст. бітвы. У ансамбль уваходзіла таксама Пятроўская царква, пабудаваная ў 1708 (не захавалася).